Ньямве́зі (саманазва Banyamwezi, літаральна «людзі месяца») — усходнеафрыканскі народ, карэнныя жыхары Танзаніі. Жывуць пераважна ў цэнтральнай і заходняй частках краіны. Агульная колькасць (2012 г.) — 1268 тысяч чал.[1]

Ньямвезі
(Banyamwezi)
Фота пачатку XX стагоддзя
Агульная колькасць1268000 (2012 г.)
Рэгіёны пражыванняТанзанія
Мованьямвезі
Рэлігіякульт продкаў, анімізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групысукума, гога, ха

Гісторыя

правіць

Верагодна, ньямвезі — прамыя нашчадкі першых перасяленцаў-банту, якія з’явіліся на ўсходзе Афрыкі ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. Сучасная назва была дадзена ім суахілі, насельнікамі ўзбярэжжа Танзаніі.

Да XIX ст. ньямвезі не мелі супольнай дзяржаўнай арганізацыі, падзяляліся на шматлікія дробныя тэрытарыяльныя абшчыны на чале з правадырамі-нтэмі. Барацьба паміж нтэмі прывяла да стварэння трох палітычных саюзаў — Уньяньембе, Ульянхулу і Урамба. Яны падтрымлівалі шчыльны ваенна-палітычны і гандлёвы саюз з суседзямі-сукума. У другой чвэрці XIX ст. на землі ньямвезі ўварваліся нгоні, выціснутыя з Паўднёвай Афрыкі зулусамі. З аднаго боку, ньямвезі былі вымушаны аб’ядноўвацца, каб супрацьстаяць ціску прышэльцаў. З другога боку, яны запазычвалі новыя метады вядзення вайны і ваеннай арганізацыі. Эканамічным падмуркам для аб’яднання сталі наладжаныя кантакты з суахілі. Гандляры з узбярэжжа наведвалі землі ньямвезі з канца XVIII ст. у пошуках золата, слановай косці і нявольнікаў. У 1852 г. суахілі заснавалі ў землях ньямвезі гандлёвы цэнтр Табора, які ператварыўся ў буйны горад. З узбярэжжа прывозілі агнястрэльную зброю, прадметы раскошы, новыя веды.

У барацьбе з нгоні асабліва вызначыўся правадыр Мірамба. У 1860-х гг. ён здолеў канчаткова падпарадкаваць сабе ўсе абшчыны ньямвезі, паставіць пад кантроль гандляроў-суахілі і стварыць адзіную дзяржаву, якая, аднак, распалася пасля яго смерці ў 1884 г. Мпандаша, пераемнік Мірамба, быў вымушаны ісці на ўсё большыя саступкі для суахілі і паступова згубіў свой аўтарытэт. Сукума, саюзнікі ньямвезі, таксама былі саслаблены эпідэміямі і барацьбой з масаямі.

У 1892 г. правадыр Ісіке зачыніў праход узбярэжных гандляроў праз сваю тэрыторыю. Германскія каланіяльныя чыноўнікі, якія да таго часу пачалі кантраляваць узбярэжжа, арганізавалі супраць яго ваенную экспедыцыю. Яна скончылася паражэннем. У 1893 г. нямецкія ваенныя правялі некалькі ўдалых ваенных аперацый супраць ньямвезі. Ісіке быў вымушаны скончыць жыццё самагубствам, а астатнія правадыры — падпарадкавацца каланіяльным уладам. Нямецкае каланіяльнае кіраванне працягвалася да 1919 г., пакуль землі ньямвезі не былі перададзены пад кантроль Вялікабрытаніі. Нямецкія і брытанскія чыноўнікі імкнуліся ўкараніць сярод заваяваных рынкавыя адносіны, вырошчванне камерцыйных культур (пераважна бавоўніка і арахіса), удасканальванне сістэмы земляробства.

У 1936 г. правадыры і інтэлектуалы стварылі так званае «новае аб’яднанне» ньямвезі, якое прымала актыўны ўдзел у антыкаланіяльнай барацьбе і стварэнні адзінай дзяржавы Танзанія ў 1964 г.

Культура

правіць

Галоўнымі традыцыйнымі заняткамі ньямвезі з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля. У наш час земляробства мае большую эканамічную значнасць. У мінулым вельмі аўтарытэтным лічыўся занятак паляваннем. Вылучаліся групы прафесійных паляўнічых на сланоў, у асяродку якіх складваліся асобныя звычаі і традыцыі. Рамяство, за выключэннем кавальскай справы, не мела прафесійнай асновы, ім займаліся ў кожнай сям’і. Ладзілі барабаны, хатняе начынне, мэблю, табакеркі з рагоў дзікай жывёлы. Кавалі жылі ў аддаленых паселішчах, апрацоўвалі жалеза і медзь, рабілі дзіды, навершы стрэл, матыкі, якія потым абменьвалі на прадукты сельскай гаспадаркі.

Асноўным тыпам паселішча была вёска. Жыхары кожнай вёскі складалі суседскую абшчыну. Сваякі рэдка жылі ў адным і тым жа паселішчы. Маладыя сем’і часцяком пераязджалі ў іншую вёску. Гаспадаром у сям’і і ўладальнікам маёмасці заўсёды лічыўся мужчына. Шлюбу папярэднічала сватаўство, калі хлопец разам з сябрамі ішоў у дом будучай жонкі, каб заключыць дамову. Нявеста з’яўлялася ў доме жаніха разам з пасагам — хатнім начыннем. Сярод ньямвезі заўсёды была шырока распаўсюджана палігінія (у нашы дні практыкуецца пераважна мусульманамі), але частымі былі заляцанні да замужніх жанчын і разводы. Адной з найбольш важных прычын разводаў з’яўлялася шлюбная здрада жонкі. Шлюбная здрада мужа не была падставай для расстання. Пры разводзе муж абавязваўся вылучыць частку маёмасці сваёй былой жонцы. Жанчыны таксама лічыліся галоўнымі спадчыннікамі пасля смерці мужа. Таму для бедных мужчын шлюб з разведзенымі і ўдовамі падаваўся выйсцем з цяжкага матэрыяльнага становішча, што правакавала іх заляцанні да заможніх замужніх. За паводзінамі ўдоў пільна назіралі малодшыя браты. Яны лічыліся галоўнымі спадкаемцамі і не былі зацікаўлены ў паўторным шлюбе ўдовай сястры.

Суседская абшчына рэгулявала землекарыстанне, часам займалася супольным абменам або продажам прадукцыі. У агульным карыстанні былі лес і крыніцы вады. На чале абшчын стаяў стараста. Акрамя таго, існаваў інстытут правадыроў-нтэмі, якія чынілі суд, заключалі гандлёвыя дамовы ад імя абшчын, падчас вайны ўзначальвалі ваенныя сілы. Нтэмі мелі вялікую павагу і называліся бацькамі простых абшчыннікаў. Суд нтэмі разглядаў толькі найбольш цяжкія правіннасці — забойствы, чарадзейства, здрады. Да нтэмі маглі звяртацца з апеляцыямі. Пры нтэмі мелася патаемная рада, у якую ўваходзілі людзі рознага паходжання.

Ньямвезі вядомы сваімі арыгінальнымі прычоскамі. Цырульная справа да нашых дзён лічыцца мастацтвам. У вуснай фальклорнай творчасці вылучаецца цыкл гістарычных паданняў і казак пра вярхоўнага нтэмі Мірамба. Традыцыйная музыка і танцы выконваюцца пераважна мужчынамі, часцяком маюць рытуальны характар.

Мова ньямвезі адносіцца да групы моў банту, вельмі блізкая да мовы сукума. Падзяляецца на тры буйныя дыялекты. Існуе некалькі варыянтаў алфавіту на аснове лацінкі, якімі карыстаюцца місіянеры.

Рэлігія

правіць

Ньямвезі захавалі традыцыйныя рэлігійныя культы, заснаваныя на шанаванні духаў продкаў, прынясенне ім ахвяр і правядзенне ў іх гонар рытуалаў, накіраваных на падтрыманне раўнавагі сувязяў паміж жывымі і памерлымі. Богам-стваральнікам свету лічыцца першапродак Мулунгу. Паводле вераванняў ньямвезі, ён даўно адышоў у іншы свет і мала ўплывае на навакольную рэчаіснасць. Распаўсюджана вера ў шматлікіх духаў прыроды.

Аднак большасць вернікаў адносіць сябе да мусульман (61 %) і хрысціян (34 %).

Зноскі

Спасылкі

правіць