Рэйхстаг (Свяшчэнная Рымская імперыя)

Рейхстаг (ням.: Reichstag — «дзяржаўны сход») — вышэйшы закона-дарадчы орган Свяшчэннай Рымскай імперыі. Папярэднікам рэйхстага ў якасці інстытута, які прадстаўляе інтарэсы палітычнай эліты імперыі, з’яўляўся гофтаг — надворны савет пры імператары, які ўзнік у XII стагоддзі. У рамках правядзення «імперскай рэформы» у 1495 годзе было дасягнута пагадненне паміж імператарам Максіміліянам I і вышэйшымі саслоўямі імперыі аб заснаванні рэйхстага як вышэйшага прадстаўнічага органа імперскіх саслоўяў з заканадаўчымі і судовымі функцыямі. Вестфальскім мірным дагаворам 1648 года паўнамоцтвы рэйхстага былі істотна пашыраны, у выніку чаго ён ператварыўся ў вярхоўны заканадаўчы орган улады і цэнтральны элемент усёй канстытуцыйна-прававой сістэмы Свяшчэннай Рымскай імперыі. З 1663 года рэйхстаг набыў пастаянны характар і да падзення імперыі ў 1806 годзе засядаў у Рэгенсбургу.

Малюнак пасяджэння рэйхстага Свяшчэннай Рымскай імперыі, 1675 г.

Структура

правіць

Рэйхстаг складаўся з трох калегій:

  • Савет курфюрстаў (ням.: Kurfürstenrat), у склад якога ўваходзілі курфюрсты імперыі (першапачаткова сем, к канцу XVIII стагоддзя — восем чалавек);
  • Савет імперскіх князёў (ням.: Reichsfürstenrat), у склад якога ўваходзілі свецкія і духоўныя імперскія князі, кожны з якіх меў адзін голас, а таксама імперскія графы і імперскія прэлаты, якія валодалі, адпаведна, чатырма і двума калектыўнымі галасамі. Савет імперскіх князёў падзяляўся на курыі свецкіх (63 члена ў 1800 г.) і духоўных (37 членаў у 1800 г.) князёў;
  • Савет гарадоў (ням.: Städterat), у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі свабодных імперскіх гарадоў (51 член у 1800 г.), аб’яднаных у дзве калегіі: Швабскую і Рэйнскую.

Парадак працы

правіць

Скліканне рэйхстага здзяйсняў імператар па ўзгадненню з курфюрстамі. Кола пытанняў, якія выносіліся на абмеркаванне рэйхстага, вызначаў імператар аднаасобна. Абмеркаванне і прыняцце рашэння ажыццяўлялася асобна па калегіях большасцю галасоў, прычым Савету курфюрстаў і Савету імперскіх князёў належаў вырашальны голас. Галасаванне было тайным. Рашэнне лічылася прынятым, калі яго аднагалосна падтрымалі ўсе тры калегіі і імператар. З 1663 г. рэйхстаг ператварыўся ў стала дзеючы орган, які засядаў у Рэгенсбургу.

Кампетэнцыя

правіць

У кампетэнцыі рэйхстага знаходзіліся выданне агульнаімперскіх законаў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру, утварэнне і скасаванне імперскіх органаў кіравання і суда, скліканне і роспуск імперскай арміі, зацвярджэнне падаткаў і эканамічная палітыка, пытанні земскага міру і суіснавання розных рэлігійных канфесій. Пасля Вестфальскага міру рэлігійныя пытанні былі вынесены ў кампетэнцыю імперскай дэлегацыі па справах веры, якую на парытэтнай аснове фарміравалі прадстаўнікі каталіцкіх і пратэстанцкіх імперскіх саслоўяў, што выключыла магчымасць зрыву рэйхстага з-за канфесійнага супрацьстаяння.

Рэйхстаг меў ролю вярхоўнага органа саслоўнага прадстаўніцтва ў імперыі, быў адным з найважнейшых сувязных элементаў імперскай сістэмы і каналам вырашэння ўнутраных канфліктаў і супярэчнасцей[1]. Рэйхстаг таксама выконваў функцыі абмежавання імператарскай улады, а пасля Вестфальскага міру, які замацаваў статус рэйхстага як вышэйшага заканадаўчага органа імперыі, стаў цэнтрам інтэграцыйных працэсаў і апорным пунктам усёй імперскай канструкцыі[2].

Спіс рэйхстагаў

правіць

Пералік рэйхстагаў Свяшчэннай Рымскай імперыі з 1495 года. Пра больш раннія імперскія соймы гл.: Гофтаг.

ГодМесца правядзенняСтаршыняАсноўныя рашэнні
1495ВормсМаксіміліян IСцвярджэнне «Імперскай рэформы» і земскага міру, заснаванне Імперскага камеральнага суда, увядзенне ўсеагульнага падатку («агульны пфеніг»)
1496/97ЛіндауМаксіміліян IАдмова выдаць субсідыі імператару, пастановы супраць раскошы і высылка цыган з Германіі
1497/98ФрайбургМаксіміліян IАдмова выдаць субсідыі імператару, закон аб вінаробстве і піваварстве
1500АўгсбургМаксіміліян IАрганізацыя першых шасці імперскіх акруг, мерапрыемствы па падтрыманні земскага міру
1505КёльнМаксіміліян IУрэгуляванне спрэчкі аб Ландсгуцкай спадчыне, адхіленне прапаноў па паглыбленні імперскай рэформы, адмова выдаць субсідыі
1507КанстанцМаксіміліян IПарадкаванне працэдуры фарміравання і парадку функцыянавання Імперскага камеральнага суда, выдача субсідый на паход імператара ў Італію для каранацыі
1510АўгсбургМаксіміліян IКанфлікт паміж імперыяй і Даніяй пра статус Гамбурга, прызнанне Гамбурга свабодным імперскім горадам
1512Трыр/КёльнМаксіміліян IЗавяршэнне арганізацыі сістэмы імперскіх акруг
1518АўгсбургМаксіміліян IПравал спробы забяспечыць абранне Карла Іспанскага рымскім каралём, адмова ад фінансавання вайны з туркамі, зняцце імперскай няміласці з Пфальца, выступленне Марціна Лютэра пасля закрыцця рэйхстага
1521ВормсКарл VВыступленне Лютэра перад рэйхстагам, абвяшчэнне Вормскага эдыкта супраць Лютэра, заснаванне Імперскага ўрада, зацвярджэнне імперскага матрыкула і парадку ўдзелу саслоўяў у фінансаванні вайны з туркамі
1522НюрнбергФердынанд IАбмеркаванне парадку выканання Вормскага эдыкта
1522/23НюрнбергФердынанд IЗабарона выдання лютэранскай літаратуры і прапаганды лютэранства
1524НюрнбергФердынанд IПацверджанне Вормскага эдыкта, імперскі закон аб гандлю
1525АўгсбургФердынанд IСупакаенне Германіі пасля Сялянскай вайны, прыпыненне Вормскага эдыкта
1526ШпаерФердынанд IФактычнае прыпыненне Вормскага эдыкта, прыцягненне імперскіх саслоўяў да вырашэння рэлігійнага канфлікту
1529ШпаерФердынанд IАднаўленне дзеяння Вормскага эдыкта, Шпаерскі пратэст, асуджэнне анабаптызму
1530АўгсбургКарл VПравал спробы аднаўлення адзінства царквы, абвяшчэнне «Аўгсбургскія веравызнання» лютэран, «Тэтрапалітанскага веравызнання» цвінгліянінаў і каталіцкага «Аспрэчання», патрабаванне імператара рэсекулярызаваць царкоўную маёмасць
1532РэгенсбургКарл VЗацвярджэнне агульнаімперскага крымінальнага ўкладання (Constitutio Criminalis Carolina), выдача субсідый на вайну з туркамі, спыненне праследаванняў пратэстантаў
1541РэгенсбургКарл VБезвыніковы дыспут паміж каталікамі і лютэранамі
1542ШпаерФердынанд IВыдача субсідый на вайну з туркамі
1542НюрнбергФердынанд I 
1543НюрнбергФердынанд I 
1544ШпаерКарл VСпыненне судовых працэсаў супраць пратэстантаў, фактычнае санкцыянаванне секулярызацыі, выдача субсідый на вайну з Францыяй і туркамі
1545ВормсКарл VБезвыніковыя перамовы па пытанні рэформы царквы
1546РэгенсбургКарл VБезвыніковы багаслоўскі дыспут, імперская няміласць Гесэну і Саксоніі, падрыхтоўка Шмалькальдэнскай вайны
1548АўгсбургКарл V«Рэйхстаг у даспехах», Аўгсбургская часовая пастанова па канфесійных пытаннях, зяцвярджэнне агульнаімперскага паліцэйскага ўкладання, правал спроб рэфармавання імперыі, палажэнне аб Імперскім камеральным судзе, Бургундскі дагавор аб статусе Нідэрландаў, адхіленне цэхаў ад удзелу ў муніцыпалітэтах імперскіх гарадоў
1550/51АўгсбургКарл VПравал плана ратацыі імператарскага прастола паміж аўстрыйскай і іспанскай лініямі Габсбургаў, выгнанне цыган з Германіі, павышэнне стаўкі імперскага падатку («агульнага пфеніга»), манетная рэформа
1555АўгсбургФердынанд IАўгсбургскі рэлігійны мір, зацвярджэнне прынцыпу канфесійнага парытэту ў працы Імперскага камеральнага суда, перадача функцый падтрымання земскага міру імперскім акругам
1557РэгенсбургФердынанд IПацверджанне рэлігійнага міру, пратэст лютэран супраць «Духоўнай абмоўкі», выдача субсідый для вайны з туркамі
1559АўгсбургФердынанд IВыдача субсідый для вайны з туркамі, манетная рэформа
1566АўгсбургМаксіміліян IIПрызнанне дэкрэтаў Трыдэнцкага сабору, выдача субсідый для вайны з туркамі, фактычнае прызнанне кальвінізму, уніфікацыя грашовай сістэмы, апала супраць Вільгельма фон Грумбаха
1567РэгенсбургМаксіміліян IIВыдача субсідый для вайны з туркамі, пакрыццё расходаў на прыгнечанне паўстання Грумбаха
1570ШпаерМаксіміліян IIПравал ваеннай рэформы, закон аб кнігадрукаванні, урэгуляванне спрэчкі аб саксонскай спадчыне паміж эрнесцінскай і альбертынскай лініямі Ветынаў
1576РэгенсбургМаксіміліян IIАбмеркаванне «Духоўнай абмоўкі», смерць імператара Максіміліяна II
1582АўгсбургРудольф IIВыдача субсідый для вайны з туркамі, забарона пераходу права голасу біскупстваў у рэйхстагу пасля іх секулярызацыі да пратэстанцкіх адміністратараў, забарона імперскім гарадам змяняць канфесію, вызначэнне статусу старых і новых імперскіх князёў
1594РэгенсбургРудольф IIВыдача субсідый для вайны з туркамі, роспуск візітацыйнай камісіі Імперскага камеральнага суда
1597/98РэгенсбургРудольф IIВыдача субсідый для вайны з туркамі, стварэнне камітэта рэйхстага для рэвізіі судовых актаў Імперскага камеральнага суда
1603РэгенсбургРудольф IIВыдача субсідый для вайны з туркамі, адмова зацвердзіць прысуд пра рэстытуцыю чатырох секулярызаваных манастыроў у Швабіі
1608РэгенсбургРудольф IIАдмова зацвердзіць рашэнне аб перадачы Донаўвёрта Баварыі, зрыў рэйхстага курфюрстам Пфальцскім, фарміраванне Евангелічнай уніі і Каталіцкай лігі
1613РэгенсбургМаціясЗрыў рэйхстага з-за супярэчнасцей паміж каталікамі і пратэстантамі
1640/41РэгенсбургФердынанд IIIПадрыхтоўка Вестфальскага мірнага дагавора, увядзенне неабходнасці абавязковага зяцвярджэння рэйхстагам рашэнняў імператара аб дараванні статусу імперскага саслоўя
1653/54РэгенсбургФердынанд IIIАпошняе пасланне да імперыі, узвядзенне палажэнняў Вестфальскага мірнага дагавора ў ранг імперскага канстытуцыйнага закона, зяцвярджэнне новага працэсуальнага ўкладання Імперскага камеральнага суда
1663-1806Рэгенсбург Пастаянны рэйхстаг

Крыніцы

правіць
  1. Прокопьев А. Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002
  2. Schindling 1980.

Літаратура

правіць
  • Брайс Дж. Священная Римская империя. — М., 1891.
  • Всемирная история. Т. 3-5 — М., 1957.
  • Прокопьев А Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002. ISBN 5-93762-014-3.
  • Шиндлинг А., Циглер В. Кайзеры. — Ростов-на-Дону, 1997. ISBN 5-222-000222-2
  • Angermeier H. Reichsreform 1410—1555. — München, 1984. ISBN 3-406-30278-5.
  • Hartmann P. C. Das Heilige Römische Reich deutscher Nation in der Neuzeit 1486—1806. — Stuttgart 2005. ISBN 3-15-017045-1.
  • Prietzel M. Das Heilige Römische Reich im Spätmittelalter, Darmstadt, 2004. ISBN 3-534-15131-3
  • Anton Schindling: Der Westfälische Frieden und der Reichstag, in: Hermann Weber (Hrsg.), Politische Ordnungen und soziale Kräfte im Alten Reich (= Veröffentlichungen des Instituts für Europäische Geschichte Mainz, Beiheft 8). Wiesbaden 1980, S. 113–153.