Ў, ў (у нескладо́вае ці у каро́ткая; курсіў: Ў ў) — 22-я літара беларускага кірылічнага альфабэту, якая адсутнічае ў іншых кірылічных славянскіх альфабэтах, хоць літара ёсьць і ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры[1], а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасьцяў былога СССР, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваныя варыянты кірылічнай азбукі (узбэцкая, дунганская, асэтынская, эскімоская мовы).

Літара кірыліцы У нескладовае
Ўў
Выява
  Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч  
Беларускі альфабэт:
 Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч 
Іншыя назвы У кароткая
У лацінцы Ŭ · ŭ
Зьвесткі
Тып асноўная кірыліца, альфабэтны;
Гук [w]
[o] (толькі ва ўзбэцкай)
Кадаваньне
Назва ў Юнікодзе cyrillic capital letter short u
cyrillic small letter short u
Юнікод Ў: U+040E
ў: U+045E
HTML Ў‎: &#1038, &#x40e
ў‎: &#1118, &#x45e
UTF-16 Ў‎: 0x40E
ў‎: 0x45E
URL-код Ў: %D0%8E
ў: %D1%9E
усе сымбалі · лацінка · кірыліца · грэцкія · дыякрытыкі · валюты · дапамога

Гук [w] уяўляе сабой звонкі паўгалосны гук (анг. voiced labiovelar semivowel)[a].

Гісторыя рэдагаваць

Лічыцца, што падставай зьяўленьня гуку [ў] на месцы этымалягічнага [в] (кроў, праўда) была наяўнасьць у старабеларускіх дыялектах губна-губнога [ў] супраць губна-зубнога [в] у расейцаў і палякаў, а прычынаю — заняпад [ъ], [ь][2][3]. Дакладна невядома, калі адбыўся дадзены пераход, але ўжо ў грамаце 1229 году пісалася: оутвєрдять; уздоумалъ; оу ризє; оу роусе; оустоко (усток); оу смольнєскь; оузяти; наоуспять і г.д.[4][5]

Даўней [у] пісалася амаль так, як і прынята ў сучаснай беларускай мове — пасьля зычных — у складовае: будучи дей у мене (Акты, 1600 г.), а пасьля галосных в замест у нескладовага: добре в парсуну познавши (Акты, 1569 г.); злого вмыслу (Акты, 1569 г.)[6].

Прыклад ужываньня літары ў у «Русалцы Днестровай»
Ф. Багушэвіч, «Немец» — гук [ў] пазначаны літарай ŭ

Выгляд знаку ў паходзіць ад зьядняньня іжыцы з гакам (Іереѵ̆ская власть, пучина Егеѵ̆ская і да т. п.), што выкарыстоўвалася ў некаторых старабеларускіх выданьнях XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Пазьней гэты знак ужываўся ў румынскай кірыліцы, адкуль яе ў 1837 годзе запазычылі складальнікі зборкі ўкраінскай паэзіі «Русалка днѣстровая». У прадмове аўтары, між іншым, пісалі[7]:«…мы прынялі сэрбскае џ… і валоскае ў…». У гэтай кнізе ў выкарыстоўвалі, у асноўным, на месцы этымалягічнага [л], там, дзе гэты гук ужо ператварыўся ў гук [ў] ва ўкраінскай мове[b].

Упершыню ў сучаснай беларускай мове асобная літара для гука [ў] зьявілася ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў беларускай лацінцы ў розных варынтах — ú, курсіўнае u, u з гачыкам (ǔ), w̆, ŭ. У вершаванай брашуры Яна Чачота «Da milych mužyczkoú», якая была выдадзеная ў 1846 годзе, літара выглядала як u з рыскай — ú. У Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча выкарыстоўваецца курсіўнае u (у адрозьненьне ад звыклага u для галоснага гука [u], напрыклад: jon umieu). Звычайная u на месцы нескладовай зьмешчаная ў выданьнях Кастуся Каліноўскага 1862—1863 гадоў. Сустраканыя таксама варыянты u з гачыкам (ǔ)[8]. W з гакам () выкарыстоўваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1889). У 1897 выдаецца першы том «Люду беларускага» этнографа Міхала Федароўскага; ва ўсім шматтомніку багата запісаў, запісаных Федароўскім беларускай лацінкай. У гэтых запісах у пазыцыі пасьля галосных гук [ў] (у нескладовае) перадаецца як (напрыклад: kazau̯; pierapau̯zła; jak u̯ziau̯ by u̯ ruku; uhledzieu̯) , у той час як ŭ выкарыстоўвалася для вельмі кароткага (і ў шпаркай мове выпадаючага) [у] (напрыклад, pakazŭwaj; padwiazŭwaje; panakruczŭwała, dziakŭwać Bohu).

Доўгі час лічылася, што свой сучасны выгляд — ŭ — літара набыла ў кракаўскім выданьні «Dudka Białaruskaja» 1891 году Францішка Багушэвіча[8]. Цяпер вядома, аднак, што этнограф і выдавец Аляксандар Рыпінскі ўпершыню ўжыў літару ŭ у беларускіх тэкстах кнігаў, выдадзеных у Лёндане ў 1853-54 гг.[9][10]

У беларускую кірыліцу літара ў трапляе таксама ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя. У 1852 годзе Уладзімер Даль у сваім артыкуле 'О наречиях русского языка' атаясамлівае смаленскую гаворку зь беларускай мовай і, заўважаючы пераход 'в' і 'л' пасьля галосных у 'ў', прапануе пісаць над 'у' дужку ('кратку'), як у літары 'й'. У 1870 годзе выкарыстоўваць камбінацыю у з гакам як адпаведнік лацінкавай ŭ для беларускай мовы прапанаваў расейскі дасьледчык фальклёру Пётар Бяссонаў[8] (ён таксама выкарыстоўвае ў у кнізе "Белорусские песни", выданьня 1871, напрыклад: я чуў, шоўкову хустку, скарбу жаловаў, а нашаму пану ўсё повялося). У 1874 этнограф Павал Шэйн выдае кнігу "Белорусские народные песни", у якой аўтарскі тэкст на расейскай мове, але перадача аўтэнтычных тэкстаў беларускіх песень па-беларуску. Тут пасьлядоўна ўжываецца літара ў, напрыклад: не даў, слаўны, жоўтымъ зярномъ, а ўзяў вутку, заўтра раненька, нясуць намъ бутэлькі поўненькі. Ужываецца "ў" і ў "Смаленскім этнаграфічным зборніку" В.Н. Дабравольскага, выдадзеным у 1891 у Санкт-Пецярбургу: мужикъ параіў, пра то ня вѣдаў, даўжок, узяў, яны ня ўси. Сярод раньніх выпадкаў ужываньня кірылічнай літары ў — апублікаваная ў Санкт-Пецярбургу ў 1895 годзе брашура зь вершам — A.J. (Александр Ельский) «Сынокъ! Расказъ зъ праўдзиваго здарэньня… 1895 року». Ёсьць літара ў і ў пасьмяротным выданьні Янкі Лучыны «Вязанка» (1903). Да 1907 году ў пачало ўжывацца ў беларускай кірыліцы больш-менш пасьлядоўна.

У першай трэці XX стагодзьдзя, у сувязі з правядзеньнем палітыкі беларусізацыі ў БССР, вакол правапісу беларускай мовы вяліся працяглыя нарады, сярод іншых, ставілася пытаньне наконт мэтазгоднасьці пазначэньня ці не пазначэньня на пісьме літары ў. Супраць пазначэньня скарачэньня на пісьме літары выказваўся, у прыватнасьці, Язэп Лёсік. У выніку правапісная камісія 1926 году пастанавіла: не пазначаць у пісаньні пазыцыйнага чаргаваньня і/й (даволі й гэтага -> даволі і гэтага), але пазначаць чаргаваньне у/ў (за выняткам пазычаных словаў ды ўласных найменьняў)[11]. Гэтыя пастановы ў 1933 годзе былі ўнесеныя ў новы правапіс, т.зв. «наркамаўку».

Ужываньне рэдагаваць

Пасьля галосных літара у заўсёды пераходзіць у літару ў: хлеб увесь — хлеб зьелі ўвесь; улез у хату — увайшлі ў хату. Літара ў можа знаходзіцца ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слова: праўда, даў, воўк, поўны, доўга, ішоў, быў, на ўлоньні. Гук [ў] пішацца і вымаўляецца замест гуку [в] пасьля галосных перад зычнымі: галава — галоўка. У адпаведных выпадках гук [ў] пераходзіць таксама ў гук [л]: казала — казаў; падобныя пераходы адзначаюцца і на ўзроўні праславянскай этымалёгіі (напрыклад, пр.-слав. *вьлкъ > воўк). Літара ў не ўтварае самастойнага складу, таму і завецца — у нескладовае (або у кароткае).

Літара ў этымалягічна зьяўляецца пасьля галосных пры чаргаваньні:

  • у з ў;
  • в з ў;
  • л з ў.

Чаргаваньне у з ў рэдагаваць

Чаргаваньне у з ў адбываецца (за выключэньнем некаторых выпадкаў):

  • на пачатку слова, незалежна ад яго паходжаньня: ва ўнівэрсытэце, сонца ўзімку, ледзьве ўчуў;
  • у сярэдзіне слова, незалежна ад яго паходжаньня: клоўн, каўчук, аўдыякасэта, па-ўдарнаму;
  • пасьля злучка ці двукосься: паўночна-ўсходні, пачуў «будзь ласкавы» ўпершыню, па-ўкраінску.
  • літараю ў, у клясычным правапісе беларускай мовы, калі-некалі пазначаюць гук [ў] у іншамоўных запазычаньнях[12]: тўітэр, Франсўа.

Чаргаваньне не адбываецца ў клясычным і акадэмічным правапісах беларускай мовы[13][14][c]:

у акадэмічным правапісе сьпіс выключэньняў дапаўняецца наступнымі выпадкамі[14]:
  • на пачатку ўласных імёнаў і назваў: кніга Уладзімера, ва Узбекістане;
  • на канцы нязьменных запазычаных слоў: ноу-хау, шоу, фрау;
  • у запазычаных словах, якія канчаюцца на -ум, -ус, і вытворных ад іх: прэзідыум, кансіліум, соус, страусіны.

Чаргаваньне в з ў рэдагаваць

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх і неславянскіх словаў: лаўка, кроў, маўр, Аўрора.

Чаргаваньне л з ў рэдагаваць

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх словаў і некаторых неславянскіх словах: воўк, моўчкі, паўмэтры.

Распаўсюджаньне ў іншых кірылічных азбуках рэдагаваць

Ў прысутнічае таксама ў некаторых неславенскіх кірылічных альфабэтах.

  • Выкарыстоўваецца ў дунганскай азбуцы, ўведзеным у 1953 годзе.
  • Выкарыстоўваецца ў азбуцы эскімосаў.
  • Выкарыстоўваецца ў ніўскім азбуцы, уведзеным у канцы 1970-х гадоў.
  • Раней ужывалася ва ўзбэцкай азбуцы, дзе пазначала гук [o][15]; у сучаснай узбэцкай лацінцы ёй адпавядае знаку o‘.
  • Да лацінізацыі 1923 году ўжывалася для запісу асэтынскіх пісьмаў (так званая «шэгрэнаўская азбука») — у прыватнасьці, у першай асэтынскай газэце «Ірон газэт» (1906) .
  • У 1961—1964 гадах (у Карачаева-Чаркесіі да 1970-х) выкарыстоўвалася ў карачаева-балкарскай азбуцы.
  • У 1989 годзе спрабавалі ўвесьці знак ў у татарская азбука.

Помнік рэдагаваць

Асноўны артыкул: Помнік літары «ў»

У верасьні 2003 году падчас дзясятых сьвяткаваньняў «Дня беларускага пісьменства» полацкія гарадзкія ўлады ўстанавілі ў найстарэйшым месьце Беларусі помнік у гонар гэтай унікальнай літары[16]. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліґрафу прафэсару Паўлу Семчанку, які шмат гадоў вывучае мастацкія шрыфты.

Беларуская раскладка клявіятуры рэдагаваць

Стандартная раскладка беларускай клявіятуры мае выгляд[17]:

Літара Ў на кампутарнай клявіятуры

Спосаб перадачы ў сеціве ў ЗША рэдагаваць

Спосаб перадачыПамерДзесятковы спосабШаснаццатковы спосабВасьмярковы спосабДвайковы спосаб
Юнікод
(маналітны)
Вялікая1038040E00201600000100 00001110
Маленькая1118045E00213600000100 01011110
Юнікод
(раскладаньне)
Вялікая694033980423 03060041060140600000100 00100011 00000011 00000110
Маленькая715005500443 03060042060140600000100 01000011 00000011 00000110
ISO 8859-5Вялікая174AE25610101110
Маленькая254FE37511111110
KOI 8
(нек. вар.)
Вялікая190BE27610111110
Маленькая174AE25610101110
Windows 1251Вялікая161A124110100001
Маленькая162A224210100010

У HTML вялікая літара Ў запісваецца Ў(Ў), маленькая ў — ў(ў).

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Прыкладам у ангельскай мове для пазначэньня гуку [ў] служыць літара w, у польскай мовеł.
  2. ^ На сёньня, ва ўкраінскай мове выражаецца знакам в у словах бачив[ў], вов[ў]к і г.д.
  3. ^ Чаргаваньне можа наўмысна парушацца, напрыклад, у вершах для захаваньня рыфмы, пры інтанацыйным адасабленьні.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Гуцульські говірки. Короткий словник, Львів, 1999, с. 9. (укр.)
  2. ^ Янкоўскі Ф. М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. Мінск, 1989. С.101.
  3. ^ Rott-Żebrowski T. Gramatyka historyczna języka białoruskiego. Lublin, 1992. S.63. (пол.)
  4. ^ Хрестоматия по истории русского языка. Москва, 1990. С.61—66. (рас.)
  5. ^ Юры Пацюпа Занядбаная старонка правапісу: прапановы пісаньня прыназоўніка у/ў перад словамі, што пачынаюцца з галоснай.
  6. ^ Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии: Конец XIV в. — 1648 г.: Сб. документов и материалов. В 3 т. Т.1. Минск, 1988. (рас.)
  7. ^ «…приймилисмо сербскоє џ (виџу wydzu) и волоскоє ў (аў, αυ Erazm. Rotterd., au, еў, ευ: спѣваў, spiwαυ; душеў, dušευ)…». Маркіян Шашкевіч (1837) «Русалка днѣстровая», с. 5. (укр.)
  8. ^ а б в Булыка А. У нескладовае // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.4. Мінск: БСЭ. — 1987.
  9. ^ Packajeu, Mikalaj (2017-01-19) Belarusian 19th century publishing efforts in London shaped the appearance of modern Belarusian writing [A Lecture by Mikalaj Packajeu Held at Anglo-Belarusian Society Meeting On 2 March 2003Праверана 2021-08-11 г.
  10. ^ [1853 год, Лёндан] // Facebook. Роднае Слова
  11. ^ Працы Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С.309—310.
  12. ^ БКП. Разьдзел 29. Перадаваньне нехарактэрных для беларускай мовы гукаў // Перадаваньне w.
  13. ^ БКП. Разьдзел 5. Правапіс у – ў.
  14. ^ а б Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, § 15. Нескладовае ў і у складовае.
  15. ^ Ходжиев А. П. Узбекский язык // Языки мира: Тюркские языки. — М.: Институт языкознания РАН, 1996. — С. 427. (рас.)
  16. ^ Памятник букве "Ў" в Полоцке, Holiday.by. (рас.)
  17. ^ The most widely used belarusian keyboard layout STB955-94(анг.)

Літаратура рэдагаваць

  • Беларуская мова: Вучэб. дапам. / Э. Д. Блінава, Н. В. Гаўрош, М. Ц. Кавалёва і інш.; Пад рэд. М. С. Яўневіча. — Мн. : Выш. школа, 1991. ISBN 5-339-00539-9.
  • Беларуская мова: Правілы арфаграфіі. Беларуска-рускі слоўнік; У. І. Куліковіч, Э. А. Ялоўская — Мінск: Беларус. асац. «Конкурс», 2010. ISBN 978-985-6821-66-3.
  • Гістарычная граматыка беларускай мовы: Вучэб. дапам. / Янкоўскі Ф. М. — Мн. : Выш. школа, 1989. ISBN 5-339-00178-4.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць