Вялі́кдзень, Сьветлае Хрыстова Ўваскрасеньне — найвышэйшае ў шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў, прысьвечанае Ўваскрасеньню Ісуса Хрыста. Адно з галоўных сьвятаў на Беларусі.

Вялікдзень
Хрысьціянская традыцыя
Значэньне Уваскрасеньне Хрыстовае
Дата 1-я нядзеля пасьля вясновага раўнадзенства і поўні

Наконадні рэдагаваць

Раніцай у Вялікую Суботу вакол храма абносяць Плашчаніцу. Таксама чытаюць 15 урыўкаў са Старога Запавету аб прароцтвах выратаваньня людзей крыжовай сьмерці і ўваскарсеньнем Месіі. Урэшце асьвячаюць велікодныя[1] кулічы, тварожныя паскі і фарбаваныя яйкі. У перадвелікодны вечар а 18:00 адбываецца збор прыхаджанаў у сьветлым і яркім адзеньні. Усяночнае набажэнства пачынаецца а 23:00[2].

Сьвяткаваньне рэдагаваць

Уваскрасеньне Хрыстова, сашэсьце ў пекла. Беларуская школа, другая палова 17 ст.

Гэта сьвята Ўваскрасеньня расьпятага Ісуса Хрыста, якое сталася галоўным хрысьціянскім сьвятам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаваньне перамогі над грахом і сьмерцю. Першапачаткова хрысьціянскі Вялікдзень і жыдоўская Пасха супадалі па часе. У 325 годзе на 1-м Усяленскім Нікейскім царкоўным саборы вырашана было сьвяткаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасьля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзеньня даты з жыдоўскай Пасхай.

У II стагодзьдзі існавалі два сьвяты, дзьве Пасхі: адна — у знак сьмерці Збаўцы, другая — у гонар Уваскрасеньня Хрыстовага, ягонага Узьнясеньня (саракавы дзень пасьля Уваскрасеньня) і сашэсьця Сьвятога Духа на апосталаў (Пяцідзясятніца — пяцідзясяты дзень пасьля Уваскрасеньня). Прытым першая Пасха праводзілася ў журбе і строгім посьце. З V стагодзьдзя назва «Пасха» стала надавацца толькі сьвяту ў гонар Уваскрасеньня Хрыстовага.

Вялікдзень зьяўляецца рухомым сьвятам. Разьлічваецца праваслаўнай царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасьці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 красавіка да 8 траўня. Зьяўляецца дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь.

Даты Вялікадня,
20002020
годзах.усх.
200023 красавіка30 красавіка
200115 красавіка
200231 сакавіка5 траўня
200320 красавіка27 красавіка
200411 красавіка
200527 сакавіка1 траўня
200616 красавіка23 красавіка
20078 красавіка
200823 сакавіка27 красавіка
200912 красавіка19 красавіка
20104 красавіка
201124 красавіка
20128 красавіка15 красавіка
201331 сакавіка5 траўня
201420 красавіка
20155 красавіка12 красавіка
201627 сакавіка1 траўня
201716 красавіка
20181 красавіка8 красавіка
201921 красавіка28 красавіка
202012 красавіка19 красавіка

Праваслаўная традыцыя рэдагаваць

Сьветлае Хрыстова Ўваскрасеньне зьяўляецца найвышэйшым, выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Уваскрасеньнем Госпада Ісуса Хрыста зь мёртвых закончыўся Богачалавечы подзьвіг уратаваньня, узнаўленьня чалавека, зьдзейсьнілася перамога над грахом і яго вынікам — сьмерцю. Таму і радуецца так душа хрысьціяніна ў Вялікдзень.

Божай славе Ўваскрэслага Госпада адпавядае і асаблівая ўрачыстасьць богаслужэньня. З часоў апостальскіх царква праводзіць Пасхальнае набажэнства ўночы.У канцы Літургіі на Вялікдзень адбываецца асьвячэньне артаса.

У Сьвятым Паданьні апавядаецца, што адного разу Марыя Магдаліна, прапаведуючы веру ў Хрыста, прыйшла да імпэратара Рыма і падаравала яму яечка са словамі: «Хрыстос Уваскрэс!» У сапраўднасьці словаў сьвятой Магдаліны ўладар імпэрыі пераканаўся відавочна: звычайнае яечка ў ягоных руках раптам пачало ружавець і ўрэшце сталася ярка-чырвоным.

З тых даўніх часоў мы падчас найвялікшага сьвята Вялікадня даруем адзін адному фарбаваныя яйкі як сымбаль несьмяротнасьці жыцьця і крыжовых пакут Ісуса Хрыста дзеля нашага ўратаваньня і кажам пранікнёныя словы: «Хрыстос Уваскрэс! — Сапраўды Уваскрэс!»

Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.

Трапар 1-й песьні, глас 3 рэдагаваць

Той, хто пабаяўся сьмерці,
перамог і адолеў сьмерць,
бо Ён, Бог наш,
успрыняў пакутлівую адушаўлёную плоць
і, уступіўшы ў барацьбу з мучыцелем,
усіх з Сабою ўваскрасіў, бо Ён праславіўся[3].

Трапар сьвята Пасхі, глас 5 рэдагаваць

Хрыстос уваскрэс зь мёртвых,
сьмерцю сьмерць зваяваў,
і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.

Кандак сьвята Пасхі, глас 8 рэдагаваць

Хоць і сышоў Ты ў магілу, Несьмяротны,
але зьнішчыў Ты сілу пекла,
і ўваскрэс, як Пераможца, Хрысьце Божа,
жанчынам міраносіцам абвясьціўшы: Радуйцеся!
і Сваім апосталам мір до́рачы,
і тым, што палі даючы ўваскрасеньне.

Задастойнік сьвята Пасхі рэдагаваць

Ангел усклікаў Благада́тнай:
Чыстая Дзева, ра́дуйся,
Твой Сын уваскрэс
на трэці дзень з гробу,
і мёртвых ўзьняў Ён,
людзі, весяліцеся.
Сьвяціся, сьвяціся,
но́вы Іерусаліме,
сла́ва бо Гаспо́дняя на табе зазьзя́ла.
Лікуй сёньня і весяліся, Сіоне.
Ты ж, Чы́стая, радуйся, Багародзіца,
аб Уваскрасе́ньні Наро́джанага Табой.

Народная традыцыя рэдагаваць

У старажытных славянаў першапачаткова так называлася веснавое сьвята ў гонар сонца, абуджэньня прыроды й надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае сьвята пачатку жніва было і ў старажытных семіцкіх плямёнаў, называлася яно «Пасха» (грэц. πάσχα, ад іўр. פסח песах — «праходзіць міма»). Старажытныя жыды сьвяткавалі Пасху ў гонар іх зыходу з Эгіпту. У дахрысьціянскія часы ў Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забесьпячэньня плоднасьці жывёлы, урадлівасьці зямлі, засьцеражэньня ад нягод.

3 прыняцьцем хрысьціянства гэтае сьвята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, зьяўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Падрыхтаваўшы сябе духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвелікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзеньня сьвяточных дзён. У Чысты Чацьвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую Суботу, напярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і расьпісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў сьвяточную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асьвячэньня «пасху», ідуць у царкву на ўсяночную службу.

Пасьля Літургіі сьвяткаванне працягваецца дома. Разгаўляюцца асьвячоным яйкам, потым іншай асьвячонай ежай. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца велікоднымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае («мацак»). Таксама мае пашырэньне гульня ў качаньне яек з горкі. Чыё яйка каціцца далей, той выйграе яйкі іншых гульцоў[4].

У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраныя валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песьні з пажаданьнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчасьлівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу:

У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінаньне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды Радаўніца.

Велікодны тыдзень рэдагаваць

Цягам Велікоднага тыдня шторанак найперш ядуць сьвянцоную ў царкве ежу, якую таксама пакідаюць да Радаўніцы. Пры вітаньні хрыстосуюцца цягам 40 дзён ад Вялікадня. Моладзь ладзіць гайданьне на арэлях. З 2-га дня Велікоднага тыдня водзяць карагоды — «танкі». На 3-і дзень у карчме ладзяць вечаровае ігрышча з музыкай і пляскай. У Градавую сераду, а таксама ў пятніцу ўстрымліваюцца ад працы. У Правадную нядзелю аднаўляюць сьвяткаваньне[4].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. вялікодны — пасхальный // Беларуска-расейскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — ISBN 5-341-00918-5
  2. ^ Праваслаўны Вялікдзень // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 красавіка 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
  3. ^ Мітрапаліт Веніямін. Сьвятло ў кожным сэрцы // Зьвязда : газэта. — 30 красавіка 2021. — № 23281 (29450). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б Тацяна Вароніч, Людміла Камароўская. Вялікдзень, Вялічка // Газэта «Зьвязда», 2 траўня 2021 г. Праверана 6 траўня 2021 г.